КОНКУРС РУКАПІСАЎ PRADMOVA

Меркаванне журы пра конкурс – 1, 2024

1 min read

Журы «Шуфлядкі» плённа працуюць з рукапісамі, а мы паспрабавалі «выцягнуць» з іх першыя ўражанні ад прачытанага, вось жа дзелімся з вамі адным з водгукаў

 

«Значыцца, другая “Шуфлядка”. Як і летась, ёсць аўтары, у якіх нешта не так з вызначэннем намінацыі, у якую належыць падаваць твор, або з уяўленнем пра тое, што ўзнагарода для пераможцы конкурсу – кніга, а не брашурка.

Да прыкладу, фаварыт нон-фікшн не зусім нон-фікшн. Лепш нават сказаць зусім не нон-фікшн, бо нават калі ў ім ані літаркі мастацкага вымыслу, а ўсё да апошняга сказу – самая што ні ёсць рэальнасць, перафарматаваная ў тэкст, – на першы план у ім выступае менавіта мастацкасць аповеду, а не факты, падзеі і рэальныя людзі. Тым не менш, гэты твор – вельмі ўпэўнены фаварыт (гэта я гляджу яшчэ і на адзнакі калег, гляджу – і радуюся нашаму адзінству). Ну і няхай сабе будзе такі вось мастацкі нон-фікшн – мо калі-небудзь замацуецца новы жанр.

У гэтай жа намінацыі – другі прыклад таго, што здзіўляе. Аўтар піша некалькі эсэ, і піша іх, так бы мовіць, у лепшых традыцыях, і хочацца іх чытаць, і нават дэманстраваць, як узоры, але іх чытанне нагадвае паездку па бездакорна гладкай шашы (і з чароўнымі краявідамі), калі яна (і дарога, і з ёю паездка) абрываецца на роўным месцы без дай прычыны. Разумею калег, якія паставілі “нуль”, бо такой не можа быць кніга. Кніга, выдадзеная пад эгідай “Шуфлядкі”, павінна мець якуюсьці вагу і ў фізічным значэнні гэтага слова. Зрэшты, у іншых намінацыях пры такім самым сціплым аб’ёме ў некага ўсё ж атрымалася тое, што можа стаць кнігай, – праз цэльнасць, самадастатковасць, завершанасць. Але там выразных фаварытаў няма: творы з лепшымі баламі ідуць роўным фронтам. Значыць, выніковае абмеркаванне будзе гарачым. Або перамогуць некалькі аўтараў, і гэта змусіць Шуфлядыча выдаваць калектыўны зборнік.

Астатняе тое добрае з нон-фікшн, што атрымала сярэднія балы, не прабілася вышэй у рэйтынгу, на маю думку, толькі таму, што ўяўляе сабою такі прадукт, якіх шмат, і незразумела, навошта патрэбен яшчэ адзін.

Тое самае можна сказаць і пра частку твораў з іншых намінацый. Здавалася б, бездакорна напісана (ну амаль бездакорна), але для чаго? Калі летась нехта з журы засяроджваў увагу ўдзельнікаў на тым, што літаратура – гэта не толькі “што”, але і “як”, то варта, я лічу, дадаць, што яна яшчэ і “навошта”. І гэта не пра дыдактызм. “Пішу, бо ўмею”, “пішу, бо хочацца”, “пішу, бо пісьменнік”, “пішу, бо не магу не пісаць” – гэта ў пэўным сэнсе заганныя формулы (нават апошнія, так). Правільная формула тая, якае дае рашэнні для гэтых вось трох пераменных: што, навошта і як.

Дарэчы, здаецца, на выніковым абмеркаванні я зноў адгадаю каго-небудзь з аўтараў, як гэта летась было. А можа і памылюся, хто ведае… ».

Пакінуць адказ