КОНКУРС РУКАПІСАЎ PRADMOVA

Меркаванне журы пра конкурс – 2, 2024

1 min read

А вось і другі водгук на тэксты з «Шуфлядкі» ад сябра журы

 

«Мне ўжо даводзілася працаваць у розных журы, “судзіць” прафесійных пісьменнікаў і перакладчыкаў, пачаткоўцаў і мастадонтаў. Але досвед “Шуфлядкі” адмысловы.

Па-першае, тут маеш справу з тэкстамі, якія бачылі толькі аўтар ці аўтарка і часам гугл-транслэйт:) Так бы мовіць, з сырым мясам літаратуры.

Па-другое, чытаеш ананімныя творы, вызваліўшы свой розум ад уплыву імёнаў і аўтарытэтаў: перад табой проста тэкст з усімі яго вартасцямі і недахопамі. Спрабаваць адгадаць магчымага аўтара – займальная галаваломка. Спадзяюся, што хоць дзесьці ў мяне гэта атрымаецца.

У конкурсе ўдзельнічае 47 рукапісаў. Гэта шмат, улічваючы абставіны, у якіх у апошні час апынулася беларуская літаратура і беларуская кніга. Значыць, жывое яно і прагне быць прачытаным!

Уражвае шырыня палітры. Цікава, напрыклад, як аўтары ўяўляюць сабе сучасных дзяцей і іх патрэбы: што можа іх зацікавіць, што можа адарваць іх ад гульні на смартфоне ці мульціка на ютубе? І ці мусіць пісьменнік думаць пра свайго чытача, ці пісаць так, як кажа сэрца? Вельмі хочацца добрых кніг для дзяцей і падлеткаў, добрых па якасці тэксту і па сістэме каштоўнасцяў, якія транслююцца ў будучыню. І тут ёсць над чым працаваць.

Самая цікавая намінацыя для мяне – нон-фікшн. Вельмі нестае нашай традыцыі якаснай літаратуры факта, якаснага рэпартажу, а матэрыялу для асэнсавання навокал – ого-го колькі! І пакуль адчуваеш сябе паляўнічым за галовамі, шукальнікам золата. Ёсць класныя тэксты, але не зусім нон-фікшн. Ёсць нон-фікшн, які пакуль не вырас/не дарос да кнігі. Будзем гадаваць:)

Намінацыя, у якой сабраныя кнігі “забаўляльных” жанраў (дэтэктыў, фантастыка, прыгоды, фэнтэзі) – самая прадстаўнічая. Складана будзе абраць пераможцу, надта роўнымі здаюцца пазіцыі па задуме і ўзроўні яе рэалізацыі. Ёсць тут і найвялікшая для мяне загадка сёлетняй “Шуфлядкі” – кніга, напісаная штучным інтэлектам (ці ўсё ж містыфікацыя такой кнігі?).

Вельмі чакаю пасяджэння журы, каб падзяліцца з калегамі ўражаннямі і назіраннямі.

Аўтары, пішыце ішчо».

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *