КОНКУРС РУКАПІСАЎ PRADMOVA

Лаўрэаты

Лаўрэатамі першага конкурсу рукапісаў «Шуфлядка»-2023 сталі:

Эліаш Барт, «Джа. Легенда аб Забраным Сэрцы» (намінацыя «Дзіцячая і падлеткавая кніга»)

Эліаш Барт (творчы псеўданім). Малюнак аўтара.

Аўтар пра сябе:

Як і для многіх з нас, гэта здарылася нечакана. Я меў адзін дзень каб сабраць рэчы і выехаць з Беларусі. У адзін момант рухнулі надзеі і планы, а будучыня стала непрадказальнай. Сум, напружанасць маральных сіл, перагляд светапогляду, безвыніковыя спробы адшукаць дапамогі ў сваім папярэднім жыццёвым вопыце. Выйсцем з гэтага стану для мяне было паглыбленне ў выдуманы сусвет (але такі падобны да нашага), пошук нечага, што сапраўды мае значэнне. Нарадзіўся на ўсходзе Беларусі, дзіцячыя і юнацкія гады шмат пераязджаў з аднаго месца на іншае (спачатку з бацькамі, пасля сам па інэрцыі). Спрабаваў сябе як інжынер, як мастак, як камерсант, як пісьменнік, як муж і бацька, але так і застаўся ў неакрэсленым стане без пастаяннага занятку, адным словам, «дыназаўрам».

Дзяніс Марціновіч, «Слюнькоў. Палітычная біяграфія» (намінацыя «Нон-фікшн і дакументальная проза»)

Дзяніс Марціновіч — беларускі гісторык, тэатральны крытык, журналіст.

Біяграфічная нататка:

Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Мінску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ (2009), магістратуру і аспірантуру пры ім. Абараніў кандыдатскую дысертацыю па гісторыі (прысвечана развіццю вышэйшай адукацыі СССР пасля рэвалюцыі 1917 года). Працаваў журналістам і рэдактарам шэрагу беларускіх СМІ. Аўтар кніг «Донжуанскі спіс» Караткевіча” (Мінск, 2012) і «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча» (Мінск, 2014), шэрагу артыкулаў па культуры, літаратурных і тэатральных рэцэнзій.

Валеры Гапееў, «Бясконцы дзень» (намінацыя «Фэнтэзі, фантастыка, прыгоды, дэтэктыў»)

Валеры Гапееў – беларускі пісьменнік.

Біяграфічная нататка:

Нарадзіўся ў 1963 годзе, працаваў майстрам у вучылішчы, наладчыкам, токарам на заводзе. З 1995 – у раённай журналістыцы. Звольнены з Івацэвіцкай раённай газеты “па згодзе бакоў” у 2021 годзе. Першая кніга для падлеткаў выйшла ў 2002 годзе. Усяго выйшла 9 кніг для падлеткаў і дзяцей, 4 “дарослыя” раманы. Лаўрэат абласной літатурнай прэміі імя Калесніка, “Мядовой прэміі”, прэміі “Залаты апостраф”, прэміі Цёткі за кнігу “Мая мілая ведзьма”,  ІІІ месца літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца за кнігу «Жэнька, каралева мышак».

Нашы самыя шчырыя віншаванні пераможцам! 👏