Першае меркаванне:
Прыемна здзіўляе колькасць рукапісаў, хапае неабыякавых да пісання людзей. Пры гэтым перавага за літаратурай для дзяцей, відаць, самімі бацькамі сапраўды адчуваецца недахоп сучасных дзіцячых кніг. Разам з тым бачна, што беларускай мовай канкурсанты часта валодаюць на не вельмі добрым узроўні, імаверна для кагосьці гэта наогул першыя спробы пісаць па-беларуску. Гэта з аднаго боку праблема, бо і актуальным, і будучым пісьменнікам усё ж варта дасканаліцца, а з другога боку — гэта прыкмета таго, што жаданне і патрэба пісаць па-беларуску з’яўляецца не толькі ў купкі былых студэнтаў філфаку, а гэта не можа не радаваць.
Другое меркаванне:
Як звычайна для конкурсаў, прысланыя работы вельмі розныя: шкала якасці працягнулася, прынамсі, у мяне, на адлегласць ад 3 да 10 балаў. Уразіла колькасць добрых тэкстаў: і ў дакументальнай прозе, і ў дзіцячай, і ў фантастычнай утварылася канкурэнцыя. Гэта сведчыць пра прэстыж конкурсу ў вачах удзельнікаў. Апраўдвае сябе назва «Шуфлядка»: тут працуе не толькі слова, якое, на маю думку, чароўна гучыць, але і вобраз: антураж са старэнькай шуфлядай, з якой выцягнулі на белы свет літаратурную перлінку, узнікаў ва ўяўленні кожны раз пры чытанні сапраўдна добрага. Ёсць у гэтай шуфлядзе творы, якія пакінулі моцны след: ходзіш пасля і думаеш пра герояў, і што ні робіш, усё да іх думкай вяртаешся. І пра аўтара думаеш – прыкідваеш, хто гэта можа быць. Цудоўна, што творы зашыфраваны і ты не ведаеш, чый твор чытаеш. У тых выпадках, калі твор якасны, а гэта часцей за ўсё значыць, што напісаны ён не пачаткоўцам, можна па розных прыкметах прыкідваць, хто аўтар. Цяпер, калі ўсё прачытана і балы расстаўлены, надыходзіць асабліва цікавы час – чаканне фіналу. Я заўсёды перажываю за лёс якасных твораў і таму, канечне, буду зноў хвалявацца: ці супадуць мае меркаванні з ацэнкамі іншых членаў журы, ці пераможа тое, што ў мяне ў фаварытах? Дзякую арганізатарам конкурсу і яго аўтарам: за конкурс, за творы, за давер, за ўражанні.
Трэцяе меркаванне:
Пасля знаёмства з рукапісамі, дасланымі на першы конкурс “Шуфлядка”, магу вылучыць чатыры заканамернасці. Першае: яшчэ рана казаць пра 2020 год у мастацкай літаратуры. Лепшае, што пакуль даводзілася бачыць “на тэму”, гэта публіцыстыка, усё астатняе – агіткі са знакам “плюс”. Рукапісы канкурсантаў выключэннем не сталі. Другое: людзі дасюль упэўненыя, што літаратура – гэта пра што, а не як. Пакуль не засвоіцца гэтая простая ісціна, руху не будзе. Трэцяе: дзіцячую літаратуру лічаць чымсьці другарадным і лёгкім для выканання. І гэта, як той казаў, фатальная памылка. Чацвёртае: пісьмо застаецца найпапулярным сродкам псіхатэрапіі. Што цалкам легальна, аднак варта памятаць, што пладамі гэтай тэрапіі дзяліцца неабавязкова. P.S. Але конкурс цікавы, добра, што ён ёсць