КОНКУРС РУКАПІСАЎ PRADMOVA

Рэгламент

Рэгламент конкурсу рукапісаў “Шуфлядка” на 2025 год

1. Агульныя палажэнні

1.1. Конкурс рукапісаў “Шуфлядка” арганізаваны беларускім фестывалем інтэлектуальнай кнігі “PRADMOVA” (у далейшым – Арганізатар) ў наступных мэтах:
– павысіць цікавасць шырокага кола чытачоў да беларускай кнігі, найперш да масавых жанраў;
– падтрымаць аўтараў, якія хацелі б выдавацца па-беларуску;
– паспрыяць падтрымцы беларускага кнігавыдаўніцтва.

1.2. Арганізатар пакідае за сабой права ўносіць змены ў дадзены рэгламент, а таксама ў тэрміны прыёма і разгляда рукапісаў. Усе змены будуць анансаваны ў афіцыйных акаўнтах фестывалю (гл. п.7).

1.3. Конкурс праводзіцца ў трох намінацыях:
– творы для дзяцей і падлеткаў (без абмежаванняў па жанрах і формах: паэзія, проза, навукова-папулярны твор і г.д.);
– нон-фікшн (біяграфіі, у тым ліку палітычныя, дакументальная проза, рэпартаж, навукова-папулярная проза, падарожніцкая літаратура і г.д.);
– масавыя жанры (дэтэктыў, трылер, прыгоды, меладрама, фантастыка, фэнтэзі і г.д.).

1.4. Прызы ў кожнай намінацыі – выданне рукапісу-пераможцы ў выглядзе папяровай кнігі.

1.5. Выданне кніг пераможцаў будзе арганізаванае на ўмовах тэндэру для выдавецтваў.

2. Патрабаванні да ўдзельнікаў.

2.1. Права намінаваць рукапіс да ўдзелу мае толькі аўтар(ы) гэтага твору. Ананімныя рукапісы да разгляду не прымаюцца. У выпадку, калі аўтар(ы) выкарыстоўвае псеўданім, ён мусіць пазначыць Арганізатару сваё імя па пашпарце ў форме заяўкі. Арганізатар абавязуецца не раскрываць сапраўднае імя без узгаднення з аўтарам.

2.2. Калі кніга мае некалькі аўтараў і іх жаданні адносна ўдзелу/няўдзелу ў конкурсе разыходзяцца, то рашэнне адносна ўдзелу/няўдзелу прымае Арганізатар.

2.3. У конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць рукапісаў аднаго аўтара(ў).

2.4. Уладальнікі аўтарскіх правоў захоўваюць аўтарскія правы на свае творы. Дасылаючы творы на конкурс, праваўладальнікі пагаджаюцца з умовамі конкурсу і перадаюць Арганізатару неабмежаваныя невыключныя маёмасныя правы на выкарыстанне фрагментаў твораў (10 тысяч знакаў альбо па дамоўленасцю з аўтара(мі)) у сувязі з
конкурсам без якой-кольвек узнагароды. Самі творы могуць захоўвацца ў архівах конкурсу.

2.5. Абмежаванняў для ўдзельнікаў конкурсу па ўзросту, грамадзянству, месцу жыхарства і г.д. няма.

3. Патрабаванні да рукапісаў.

3.1. Да разгляду прымаюцца завершаныя арыгінальныя творы,
а) напісаныя па-беларуску;
б) напісаныя на іншай мове, але перакладзеныя аўтарам на беларускую мову (дапушчальны аўтарызаваны аўтарам пераклад на беларускую мову).

3.2. Рукапісы, намінаваныя на конкурс, не рэцэнзуюцца.

3.3. Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца рукапісы, выдадзеныя раней (якія маюць ISBN), у тым ліку электроннай альбо аўдыякнігай, а таксама выдадзеныя на іншых мовах.

3.4. Рукапісы, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, не могуць быць выдадзеныя да моманту абвяшчэння вынікаў конкурсу. Калі ўдзельнік атрымаў прапанову аб выданні конкурснага рукапісу (папяровае, электроннае выданне альбо аўдыёкнігай), ён абавязаны своечасова паведаміць пра гэта Арганізатару.

3.5. Аўтар, які намінаваў рукапіс на конкурс, мае права зняць яго з разгляду да сканчэння
прыёму заявак.

3.6. Рукапісы падаюцца ў фарматах pdf ці docx; рукапіс не мусіць утрымліваць звесткі аб аўтары(ах) – прозвішча, ініцыялы і г.д.

3.7. У выпадку, калі аўтар(ы) падае некалькі розных рукапісаў на конкурс, на кожны рукапіс складаецца асобная заяўка.

3.8. Усе рукапісы, накіраваныя на конкурс, атрымліваюць рэгістрацыйныя нумары і залучаюцца ў рэестр заявак. Аўтар атрымлівае пацвержанне аб атрыманні рукапісу на адрас электроннай пошты, пазначаны ў заяўцы. Пацвержанне азначае, што заяўка прынятая і будзе разгледжана. Пацвержанне дасылаецца цягам двух тыдняў пасля завяршэння прыёма заявак.

4. Этапы конкурсу і абвяшчэнне пераможцаў.

Конкурс плануецца ў некалькі этапаў:

а) Збор заявак. Адбываецца праз запаўненне рэгістрацыйнай формы па 15 красавіка ўключна;
б) Доўгі спіс. Публікуецца ў сацсетках PRADMOVA і інфапартнёраў у сярэдзіне траўня. Колькасць твораў паўфіналістаў у кожнай намінацыі не рэгламентуецца ўмовамі конкурса і застаецца на рашэнне журы.
в) Кароткі спіс. Публікуецца ў сацсетках PRADMOVA і інфапартнёраў у канцы траўня. Колькасць твораў фіналістаў у кожнай намінацыі не рэгламентуецца ўмовамі конкурсу і застаецца на рашэнне журы.
г) Абвяшчэнне пераможцаў будзе апублікавана ў сацсетках PRADMOVA і інфапартнёраў у канцы чэрвеня.
д) Па рашэнні Аргкамітэта на падставе Кароткага спіса можа быць арганізаванае чытацкае галасаванне. Узнагароды і іншыя формы заахвочвання будуць анансаваныя цягам сезону.

5. Журы.

5.1. Склад журы і колькасць сябраў вызначаецца Арганізатарам. Кожны сябра журы мае адзін голас. Рашэнне прымаецца простай большасцю галасоў.
5.2. У выпадку неабходнасці журы мае права звярнуцца па меркаванне незалежных экспертаў. Такое рашэнне прымаецца калегіяльна; голас незалежнага эксперта роўны голасу сябра журы.

6. Тэндэр.
Цягам двух тыдняў пасля абвяшчэння пераможцаў будзе арганізаваны тэндэр для выдання рукапісаў. У тэндэры могуць удзельнічаць беларускія выдавецтвы і выдавецкія ініцыятывы незалежна ад іх геаграфічнай лакалізацыі і юрасобы. Рэгламент будзе абвешчаны за тыдзень да пачатку тэндэра.

7. Інфармацыя і адказы на пытанні ўдзельнікаў.

Уся камунікацыя адбываецца праз афіцыйную пошту конкурсу shuflyadych@gmail.com.

Афіцыйнай пляцоўкай конкурсу з’яўляюцца сацсеткі фестываля PRADMOVA (@pradmova).
Старонка конкурсу на сайце PRADMOVA: https://shufladka.pradmova.eu/