Вынікі тэндару на выданне рукапісаў-пераможцаў «Шуфлядкі»-2023:
Эліяш Барт, «Джа. Легенда аб забраным сэрцы» – выдавецтва Gutenberg Publisher
Гісторыя пра дыназаўра Джа, які збіраў дзівосныя рэчы: пёркі, ракушкі, камяні. Яго родны востраў захапілі жорсткія монстры, якія занялі найлепшыя для пражывання мясціны і забаранілі памятаць пра мінулае. Аднак жа Джа паміж спакоем і змаганнем выбраў барацьбу, і ўрэшце захопнікам давялося хавацца па слізкіх норах.
Мастак кнігі Багдан Даўгяла.
Друк чорна-белы, вокладка мяккая, ілюстрацыі.
Павялічаны шрыфт.
Рэкамендацыя ўзросту: 10+
Вокладка | мяккая з клапанамі |
Фармат | 230×160 mm |
Колькасць старонак | 71 |
Год выдання | 2023 |
https://gutenbergpublisher.eu/shop/dza/
Дзяніс Марціновіч, «Слюнькоў. Палітычная біяграфія» – выдавецтва «Янушкевіч»
МІКАЛАЙ СЛЮНЬКОЎ (1929–2022) — беларускі дзяржаўны і партыйный дзеяч савецкіх часоў. Нарадзіўся ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Скончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум. Прайшоў на Мінскім трактарным заводзе шлях ад памочніка майстра да генеральнага дырэктара. З’яўляўся першым сакратаром Мінскага гаркама партыі, а затым быў пераведзены ў Маскву, дзе працаваў намеснікам старшыні Дзяржплана СССР. У 1983–1987 гадах — кіраўнік БССР. Радыкальна змяніў беларускую кадравую эліту, замоўчваў наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1987–1990 гадах — сакратар Цэнтральнага камітэта КПСС і член Палітычнага бюро партыі, у якім удзельнічаў у спробах рэфармаваць савецкую эканоміку.
У 1990-я гады аснову беларускай эліты склалі прадстаўнікі каманды Мікалая Слюнькова. Пакуль рух да незалежнасці адбываўся ў гаспадарцы, яны падтрымлівалі пераўтварэнні (у тым ліку культурныя ініцыятывы, якія не падрывалі асноў тагачаснага грамадства). Для іх незалежнасць успрымалася не на ўзроўні дзяржавы, а на ўзроўні саюзнай рэспублікі. Таму як толькі ў першай палове дзевяностых пераўтварэнні выйшлі за пэўную мяжу, беларуская эліта заблакавала большасць рэальных рынкавых рэформаў. Інтэграцыя з Расіяй, якая заставалася ў трэндзе ўсё дзесяцігоддзе, была адлюстраваннем іх светапогляду. Таму працэсы ўмацавання незалежнасці адбываліся хутчэй насуперак, чым дзякуючы іх пазіцыі.
Вокладка | мяккая з клапанамі |
Фармат | 140×205 mm |
Колькасць старонак | 296 |
Год выдання | 2023 |
Валеры Гапееў, «Вольнеры. Бясконцы дзень» – выдавецтва «Янушкевіч».
Толькі сямёра сяброў разумеюць, у якую багну ілжы абрынулася іх краіна, пад якім аўтакратычным прэсам і ў якой імгле гідкай прапаганды жывуць людзі. Гэтыя сямёра помняць: краіна некалі была іншай. І толькі сямёра ведаюць, што ў іх ёсць адзіны шанц вярнуць былую волю, былую праўду і былое шчасце. Але напачатку трэба выжыць тут, прыдумаць план і здзейсніць яго, каб трапіць у іншасвет, дзе знаходзіцца выйсце.
Ці можна перамагчы зло без парушэння тваіх маральных прынцыпаў, калі яно, зло, дзейнічае па сваіх правілах? У якіх умовах мэта ўсё ж апраўдвае сродкі? Доўгі шлях у іншасвеце прымусіць шукаць адказы на мноства пытанняў, сярод якіх будзе і надзіва простае: хіба так, як ёсць, нельга жыць і быць у гэтым трошкі шчаслівым? Нібыта ж так добра ў сістэме, дзе табе гарантаваная будучыня і няма клопату пра яе ўладкаванне і дзе ты пазбаўлены ўсякіх мітрэнгаў адносна розных пошукаў.
Там, у іншасвеце, выпрабаванні нададуць часу іншае асэнсаванне, раскрыюць характары і правераць душы герояў. На алтар перамогі будуць пакладзены сем лёсаў, але ці можна лічыць ахвярай… здраду?
Вокладка | цвёрдая |
Фармат | 130×200 mm |
Колькасць старонак | 336 |
Год выдання | 2024 |